наверх

Аляксандр Шумілін: На міжнароднай выставе «ТэхІнаПрам» прадэманстраваны самыя перадавыя тэхналогіі і распрацоўкі

Аляксандр Шумілін: На міжнароднай выставе «ТэхІнаПрам» прадэманстраваны  самыя перадавыя тэхналогіі і распрацоўкі

2019         Просмотров: 116 Вернуться назад

Аляксандр Шумілін: На міжнароднай выставе «ТэхІнаПрам» прадэманстраваны самыя перадавыя тэхналогіі і распрацоўкі

На міжнароднай выставе тэхналогій і інавацый у прамысловасці «ТэхІнаПрам» прадэманстраваны самыя перадавыя айчынныя тэхналогіі і распрацоўкі ў галіне сучаснага апрацоўчага абсталявання, машынабудавання, будаўнічых тэхналогій, хімічнай прамысловасці, перапрацоўкі карысных выкапняў. Пра гэта паведаміў сёння на адкрыцці Беларускага прамысловага форуму Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін. Паводле яго словаў, на калектыўным стэндзе ДКНТ 25 беларускіх навуковых і інавацыйных арганізацый дэманструюць больш за 150 высокатэхналагічных і інавацыйных распрацовак. «Большасць распрацовак выканана з падтрымкай дзяржавы ў рамках навукова-тэхнічных праграм, Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, а таксама праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі», - падкрэсліў ён.

Аляксандр Шумілін таксама паведаміў, што ў гэтым годзе ўпершыню на выставе экспануецца распрацаваны БДУ ў рамках ДНТП «Эталоны і навуковыя прыборы» шматфункцыянальны вымяральны комплекс «Alma Meter – 2», які можа выкарыстоўвацца ў навуковых, выпрабавальных і метралагічных лабараторыях ў галіне радыёэлектронікі, машынабудавання, энергетыкі, транспарту, авіяматорабудавання, станкабудавання. Пры гэтым беларускі комплекс істотна таннейшы за імпартнае вымяральнае абсталяванне. Не менш цікавая распрацоўка – смарт-шкло са зменліваай празрыстасцю – прадстаўлена рэзідэнтам Мінскага гарадскога тэхнапарку кампаніяй «Артызан». Інавацыйны матэрыял дазваляе імгненна ператварыць цалкам празрыстае шкло ў матавую непранікальную паверхню.

На выставе дэманструюцца тэхналогіі і абсталяванне, распрацаваныя беларускімі навукоўцамі сумесна з замежнымі партнёрамі. Так, БДУ сумесна з расійскімі калегамі прадстаўлена тэхналогія вытворчасці кампазіцыйнага цвёрдага паліва з адходаў нафтапрадуктаў і гідролізнага лігніну, выкананая ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы «Кампамат». У рамках праграмы «Нанатэхналогія – СД» прадстаўлена тэхналогія нанясення ахоўных пакрыццяў метадам мікрадугавога аксідавання, якая ўжываецца ў вузлах трэння, якія працуюць ва ўмовах абмежаванай падачы змазкі.

У рамках справавой праграмы Беларускага прамысловага форуму ДКНТ арганізуе Кірмаш інавацыйных распрацовак «Прамысловасць: ад інавацыі да вытворчасці», мэтай якой з'яўляецца садзейнічанне камерцыялізацыі інавацыйных распрацовак у галіне прамысловасці і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў за кошт укаранення ў вытворчасць новых перадавых тэхналогій. Гэтыя мерапрыемствы добра сябе зарэкамендавалі: толькі за мінулы год па выніках кірмашу паміж распрацоўшчыкамі і прамысловымі прадпрыемствамі заключана 11 дамоваў на ўкараненне навукова-тэхнічных распрацовак або прадастаўленне права выкарыстання інтэлектуальнай уласнасці.