наверх

Беларусь удзельнічае ў 50 праектах праграмы Еўрасаюза па навуцы і інавацыях «Гарызонт 2020»

Беларусь удзельнічае ў 50 праектах праграмы Еўрасаюза па навуцы і інавацыях «Гарызонт 2020»

2019         Просмотров: 293 Вернуться назад

Беларусь удзельнічае ў 50 праектах праграмы Еўрасаюза па навуцы і інавацыях «Гарызонт 2020»

Беларускія вучоныя нароўні з іншымі выйграюць конкурсы ў рамках праграмы Еўрапейскага саюза па навуцы і інавацыях «Гарызонт 2020». Сёння яны з'яўляюцца партнёрамі ў 50 праектах праграмы з навукоўцамі з Германіі, Латвіі, Літвы, Сербіі, Ізраіля, Турцыі і ўсіх краін Усходняга партнёрства. Пра гэта паведаміў на сустрэчы міністраў па справах навукі і даследаванняў краін - членаў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін. Паводле яго словаў, супрацоўніцтва ў рамачных праграмах Еўрасаюза з'яўляецца перспектыўным, паколькі інтарэсы Беларусі, краін - членаў ЦЕІ і самой арганізацыі супадаюць.

«Мы разумеем, што для больш актыўнага ўдзелу ў прыходнай на змену «Гарызонт 2020» праграме «Гарызонт Еўропа» нам варта гучней заяўляць пра сябе і мець добрых партнёраў сярод навуковых цэнтраў краін - членаў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы», - сказаў ён. Пры гэтым Аляксандр Шумілін адзначыў, што ў Беларусі ўжо рэалізавана шэсць праектаў ЦЕІ ў такіх сферах, як навуковыя даследаванні, транспарт, турызм, культура і адукацыя.

У Беларусі добра зарэкамендавалі сябе такія інструменты Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы, як праграма абмену ноў-хаў, універсітэцкая і навукова-тэхнічная сеткі. Яны ўносяць свой уклад у падтрымку супрацоўніцтва на ўзроўні арганізацый і асобных вучоных. У той жа час патрабуе далейшай прапрацоўкі міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы трансферу тэхналогій і камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці і новыя для рэспублікі кірункі - разумная спецыялізацыя, тэхналагічны фарсайт, садзейнічанне ўстойліваму развіццю. «Мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя напрамкі развіваліся, у тым ліку, у рамках Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы і двухбаковага ўзаемадзеяння з краінамі - членамі рэгіёну ЦЕІ», - падкрэсліў Аляксандр Шумілін.

У 2017 годзе Беларусь старшынствавала ў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве. У рамках старшынства ў г.Мінску адбылася Міністэрская канферэнцыя ЦЕІ па навуцы і тэхналогіях «Біятэхналогіі для здаровага і актыўнага жыцця ў рэгіёне ЦЕІ».

Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва - гэта рэгіянальны форум для супрацоўніцтва і кансультацыяў, які прасоўвае супрацоўніцтва на палітычным, эканамічным і культурным узроўнях у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. ЦЕІ, заснаваная ў 1989 годзе, налічвае 18 дзяржаў-членаў: Албанія, Аўстрыя, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Балгарыя, Харватыя, Чэхія, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Чарнагорыя, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія і Украіна.