наверх

Парадак рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм зменіцца ў Беларусі

Парадак рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм зменіцца ў Беларусі

2019         Просмотров: 42 Вернуться назад

Парадак рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм зменіцца ў Беларусі

Парадак фармавання і рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм у Беларусі зменіцца. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 19 красавiка 2019 года №252, паведаміў сёння журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, перадае БЕЛТА.

Так, з 25 кастрычніка бягучага года конкурснымі камісіямі па праектах будуць выступаць дзяржаўныя экспертныя саветы адпаведнага профілю (раней для конкурснага адбору ДКНТ фармаваліся каардынацыйныя саветы). Уведзена норма, па якой папярэдні пералік заданняў фармуецца з улікам наяўнасці патэнтных і маркетынгавых даследаванняў. Зроблены акцэнт не толькі на навуковай навізне, але і на маркетынгавай прапрацоўцы запатрабаванасці прадукцыі. «На жаль, навуковы працэс працяглы, і часцяком, пакуль ствараецца распрацоўка, мяняецца рынак. Прадукцыя становіцца незапатрабаванай. Сёння абавязковае патрабаванне - перш чым укладваць дзяржаўныя рэсурсы, трэба правесці маркетынгавыя даследаванні. Гэта будзе адным з умоў атрымання сродкаў», - растлумачыў Аляксандр Шумілін.

Акрамя таго, праекты заданняў, якія прадстаўляюцца на конкурс і дзяржаўную навукова-тэхнічную экспертызу,  падлягаюць узгадненню з органамі дзяржкіравання. Рэгламентаваны пытанні адказнасці, справаздачнасці і кантролю за рэалізацыяй праграм. Упершыню вызначаны істотныя аб'ектыўныя абставіны, якія вызваляюць выканаўцу ад адказнасці ў выпадку, калі абавязацельствы па выпуску інавацыйнай прадукцыі не выкананы. Да іх аднесены надзвычайныя сітуацыі, прыняцце заканадаўчых актаў, рашэнняў міжнародных арганізацый, якія забараняюць альбо абмяжоўваюць выраб або рэалізацыю пэўных тавараў, смерць фізічнай асобы - уладальніка маёмасных правоў на вынікі распрацовак, прызнанне яго недзеяздольным, ліквідацыя юрыдычнай асобы-вытворцы тавараў, што ствараюцца на аснове інавацый, і інш. «Раней бюджэтныя сродкі, вылучаныя на распрацоўку, прызнаваліся неэфектыўна выкарыстанымі і падлягалі безумоўнаму вяртанню пры невыкананні абавязацельстваў па аб'ёме выпуску прадукцыі. Гэта не дазваляла навукоўцам брацца за прарыўныя распрацоўкі, якія нясуць вялікія рызыкі. А перспектыва менавіта за такой прадукцыяй. Таму ўведзены механізм вызвалення ад вяртання грошай па аб'ектыўных прычынах», - растлумачыў Аляксандр Шумілін.


Рашэнне аб вызваленні ад адказнасці прымае дзяржаўны замоўнік па ўзгадненні з ДКНТ. Спрэчныя моманты могуць быць перагледжаны Камісіяй па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў. Пастанова №252 таксама ўдакладняе парадак афармлення вынікаў прыёмкі прац, адказнасць за дакладнасць звестак. У цэлым новаўвядзенні робяць больш прывабным удзел у навукова-тэхнічных праграмах за кошт зніжэння рызык пры немагчымасці камерцыялізацыі, нацэльваюць на дасягненне неабходнага эфекту ад рэалізацыі навукова-тэхнічных заданняў. У 2019 годзе ў Беларусі рэалізуецца 17 дзяржаўных, 10 галіновых і 6 рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм. На выкананне прац плануецца накіраваць Br76,7 млн, у тым ліку Br39,8 млн з бюджэтных крыніц. У ліку найбольш значных праектаў - распрацоўка тэхналогіі для павярхоўнага электрамагнітнага ўмацавання дэталяў падвескі аўтамабіляў БелАЗ, серыі мікрасхем у ААТ «Інтэграл», новых гатункаў бульбы.