наверх

Сяргей Шчарбакоў: праграма НАТА «Навука дзеля міру і бяспекі» – важны інструмент міжнароднага супрацоўніцтва для беларускіх вучоных

Сяргей Шчарбакоў: праграма НАТА «Навука дзеля міру і бяспекі» – важны інструмент міжнароднага супрацоўніцтва для беларускіх вучоных

2019         Просмотров: 57 Вернуться назад

Сяргей Шчарбакоў: праграма НАТА «Навука дзеля міру і бяспекі» – важны інструмент міжнароднага супрацоўніцтва для беларускіх вучоных

Умовы ўдзелу і правілы фінансавання праграмы НАТА «Навука дзеля міру і бяспекі» – важны і адэкватны інструмент міжнароднага супрацоўніцтва для беларускіх вучоных. Пра гэта паведаміў 16 кастрычніка на адкрыцці інфармацыйнага дня праграмы НАТА «Навука дзеля міру і бяспекі» намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Сяргей Шчарбакоў. Паводле яго слоў, сумеснае мерапрыемства дазволіць вызначыць перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва паміж беларускімі даследчыкамі і іх партнёрамі ў краінах-членах і краінах-партнёрах НАТА. «У Беларусі замежныя крыніцы складаюць каля 15% ад унутраных валавых расходаў на навуку. Частка гэтых сродкаў паступае праз удзел у міжнародных, перш за ўсё, еўрапейскіх навуковых праграмах. Безумоўна, мы зацікаўлены ў пашырэнні і паглыбленні міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і яго якаснай і колькаснай дыверсіфікацыі, у стварэнні для беларускіх вучоных такіх жа магчымасцяў міжнароднай кааперацыі, якія маюцца ў іх заходніх і ўсходніх калегаў. Мяркуем, што і ў праграме «Навука дзеля міру і бяспекі» ў беларускіх вучоных ёсць пэўныя перспектывы », – сказаў ён.

Сяргей Шчарбакоў таксама адзначыў, што дамоўная база Беларусі ў сферы навукі і тэхналогій ахоплівае амаль 50 краін свету, з іх 20 – у Еўропе. У рамках гэтых дамоваў толькі за мінулы і бягучы гады ДКНТ арганізаваў конкурсы сумесных праектаў з 18 краінамі (Азербайджан, Арменія, В'етнам, Нямеччына, Ізраіль, Індыя, Казахстан, Карэя, Кітай, Літва, Латвія, Малдова, Сербія, Славакія, Пакістан, Турцыя , Узбекістан, Украіна), да канца 2019 года плануецца абвясціць конкурсы праектаў з Грузіяй і Інданезіяй.

Праграма НАТА «Навука дзеля міру і бяспекі» – найстарэйшая праграма міжнароднага супрацоўніцтва, якая перакрочыла ў мінулым годзе 60-гадовую мяжу, фінансуе навуковыя праекты і мерапрыемствы з удзелам навуковых арганізацый і ўніверсітэтаў з дзяржаў – членаў і партнёраў Альянсу па наступных напрамках: барацьба з тэрарызмам, энергетычная бяспека, кіберабарона, радыяцыйная хімічная і біялагічная абарона, экалагічная бяспека. Пачынаючы з 1992 года беларускія навукоўцы ўзялі ўдзел у 11 навуковых праектах і 25 мерапрыемствах праграмы (канферэнцыях, школах, семінарах) сумесна з навукоўцамі з 42 краін. У асноўным, гэта праекты ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, вынікі якіх могуць трансфармавацца ў новыя тэхналогіі для забеспячэння бяспекі і радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. У цяперашні час з удзелам прадстаўнікоў Беларусі выконваецца два праекты, абодва – з партнёрамі з ЗША.

У інфармацыйным дне праграмы НАТА «Навука дзеля міру і бяспекі» ўдзельнічае больш за 70 айчынных і замежных навукоўцаў, экспертаў і прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Яго арганізатарамі выступілі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пры садзейнічанні Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь.