наверх

У Мінску адбудзецца першы Беларуска-Ізраільскі форум высокіх тэхналогій і інавацый

У Мінску адбудзецца першы Беларуска-Ізраільскі форум высокіх тэхналогій і інавацый

2019         Просмотров: 163 Вернуться назад

У Мінску адбудзецца першы Беларуска-Ізраільскі форум высокіх тэхналогій і інавацый

Беларусь і Ізраіль правядуць у Мінску першы Форум высокіх тэхналогій і інавацый па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, інавацыйных матэрыялах, бія- і нанатэхналогіях. Такая дамоўленасць дасягнута падчас сустрэчы Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандра Шуміліна з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Дзяржавы Ізраіль Алонам Шогамам.

У працы Беларуска-Ізраільскага форуму возьмуць удзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, навукова-практычных і інавацыйных прадпрыемстваў, універсітэтаў абедзвюх краін. Меркаваная колькасць удзельнікаў – каля 100 чалавек. Асаблівую ўвагу на форуме плануецца надаць перспектыўным напрамкам двухбаковага супрацоўніцтва і прасоўванню сумесных тэхналогій і навукаёмістай прадукцыі розных галін Беларусі і Ізраіля на знешнія рынкі.

Падчас сустрэчы Аляксандр Шумілін таксама паведаміў, што Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства навукі і тэхналогій Дзяржавы Ізраіль упершыню правялі конкурс сумесных навукова-тэхнічных праектаў і вызначылі праекты для далейшага фінансавання. «У бліжэйшы час адбудзецца пасяджэнне Беларуска-Ізраільскай працоўнай групы па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, на якім плануецца зацвердзіць пералік дадзеных праектаў для сумеснай рэалізацыі. Гэта, перш за ўсё, распрацоўкі ў сферы біятэхналогій, сельскай гаспадаркі і інфармацыйных тэхналогій», – сказаў ён.

Беларуска-ізраільскае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва развіваецца ў рамках міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, навукі і культуры і пагаднення паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам навукі і тэхналогій Дзяржавы Ізраіль ад 21 мая 2018 года.