наверх

ДКНТ і ЕЭК абмеркавалі перспектывы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва

ДКНТ і ЕЭК абмеркавалі перспектывы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва

2020         Просмотров: 98 Вернуться назад

ДКНТ і ЕЭК абмеркавалі перспектывы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва

Беларусь і Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) будуць пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, у тым ліку па новых перспектыўных напрамках для дзяржаў - членаў саюза. Пра гэта ішла размова на сустрэчы старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандра Шуміліна з членамі Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргеем Глазьевым і Цімурам Жаксылыкавым.

Для пашырэння і паглыблення працэсаў еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, у тым ліку ў кантэксце ўзаемадзеяння дзяржаў - членаў ЕАЭС у галіне высокіх тэхналогій, прапануецца стварыць Навукова-тэхнічны савет пры Старшыні Калегіі ЕЭК. «Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях цалкам падтрымлівае ініцыятыву стварэння савета. Такая пляцоўка неабходная, перш за ўсё, у якасці дыскусійнай і дарадчай для забеспячэння навукова абгрунтаванага падыходу ў пытаннях далейшага развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза і ўдасканалення дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, звязанай з навуковымі даследаваннямі і праектнымі працамі», - сказаў Аляксандр Шумілін. Ён таксама адзначыў, што на сучасным этапе развіцця дзяржаў - членаў ЕАЭС найважнейшая задача - мадэрнізацыя і павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік. Дасягненне гэтых мэтаў магчыма пры ўмове стварэння навукаёмістай эканомікі і развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей, рэалізацыі сумесных інавацыйных праектаў з высокім дададзеным коштам. Для фінансавання такіх праектаў і падтрымкі навукова-тэхнічных распрацовак Беларусь прапануе стварыць спецыялізаваны інавацыйны фонд пры Еўразійскім банку развіцця, а таксама больш шырока выкарыстоўваць рэсурсы дадзенага банка.

На сустрэчы абмяркоўваліся таксама пытанні ўзаемадзеяння Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях з Еўразійскай эканамічнай камісіяй у сферы інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку ў галіне вычарпання выключнага права на таварныя знакі і правядзення ў 2020 годзе штогадовага Міжнароднага форуму «Антыкантрафакт». Беларусь актыўна бярэ ўдзел у рэалізацыі асноўных мэтаў ЕАЭС. У цяперашні час сфарміраваны ўмовы для развіцця і функцыянавання адзінага рынку тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў. Варта адзначыць, што 3 лютага 2020 года Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія падпісалі Дамову аб таварных знаках, знаках абслугоўвання і найменнях месцаў паходжання тавараў Еўразійскага эканамічнага саюза. Дакументам прадугледжваецца спрашчэнне і паскарэнне працэдуры атрымання прававой аховы таварных знакаў, дзеючай адначасова на тэрыторыі ўсіх дзяржаў - членаў ЕАЭС, а таксама памяншэнне выдаткаў заяўнікаў.

Еўразійскі эканамічны саюз - міжнародная арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб'ектнасцю. Дзяржавамі - членамі ЕАЭС з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія.

Еўразійская эканамічная камісія - пастаянна дзеючы наднацыянальны рэгулюючы орган Саюза, які фарміруюць Савет Камісіі і Калегія Камісіі. Асноўнымі задачамі Камісіі з'яўляюцца забеспячэнне ўмоваў функцыянавання і развіцця Саюза, а таксама распрацоўка прапановаў у сферы эканамічнай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС. З 1 лютага 2020 года Старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі стаў прадстаўнік Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Яго кандыдатуру зацвердзілі прэзідэнты краін ЕАЭС.