наверх

Адраджэнне традыцый, развіццё турызму: чаму варта надаць дынаміку працэсу рэгістрацыі геаграфічных указанняў

Адраджэнне традыцый, развіццё турызму: чаму варта надаць дынаміку працэсу рэгістрацыі геаграфічных указанняў

Артыкулы         Просмотров: 35 Вернуться назад

Адраджэнне традыцый, развіццё турызму: чаму варта надаць дынаміку працэсу рэгістрацыі геаграфічных указанняў

Тульскі пернік не пякуць у Краснадары, а швейцарскі гадзіннік не вырабляюць у Англіі. Паўлапасадскія хусткі, дулеўскі фарфор, «Есентукі» - не толькі прамыя асацыяцыі тавараў з канкрэтнымі населенымі пунктамі і краінамі, але і нацыянальны здабытак. Ды акрамя таго, гэта ахоўныя аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. У Беларусі зарэгістравана ўсяго тры найменні месцаў паходжання тавару. І ў гэтым спісе няма знакамітых слуцкіх паясоў. Чаму? Патэнцыял жа велізарны: спрадвечна беларускія рамёствы, стравы, напоі, адзенне, абутак. Каб прааналізаваць сітуацыю, карэспандэнт «Р» звярнулася ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) і даведалася, якія змены ў заканадаўстве будуць стымуляваць бізнэс часцей заяўляць пра ўнікальныя беларускія прадукты.

Прымерым досвед

Невялікі лікбез. У Беларусі дзейнічае старая рэдакцыя Закона «Аб геаграфічных указаннях», у якой прадугледжваецца наданне прававой аховы «найменню месца паходжання тавару». Пералік такіх найменняў, звесткі аб якіх унесены ў Дзяржаўны рэестр найменняў месцаў паходжання, налічвае 32 замежныя і тры нацыянальныя: мінеральная вада «Мінская», «Лідскае піва» і «Лідскі квас».

У Расіі да мінулага года таксама рэгістраваліся толькі назвы месцаў паходжання тавару. Гэта значыць, што прадукт, пра які ідзе гаворка, на пэўнай тэрыторыі ствараецца пад ключ. Тут для яго і сыравіна здабываецца, яго і вырабляюць, і пакуюць. Сёння краіна-суседка прадугледзела магчымасць атрымання прававой аховы на новы аб'ект - геаграфічнае ўказанне. Што змянілася? Слова начальніку ўпраўлення таварных знакаў НЦІУ Наталлі Сінішовай:

- І геаграфічнае ўказанне (ГУ), і найменне месца паходжання тавару (НМПТ) мяркуюць наяўнасць якаснай сувязі пазначаемага імі тавару і месца яго паходжання. Абодва гэтыя паняцці даюць спажыўцу інфармацыю аб месцы паходжання тавару, якасцях, рэпутацыі і (або) іншых характарыстыках, уласцівых гэтаму тавару. Асноўная розніца паміж гэтымі тэрмінамі складаецца ў тым, што НМПТ азначае больш моцную сувязь тавару і месца яго паходжання. Такі размыты падзел паняццяў не дазваляе вызначыць у заканадаўстве дакладныя крытэрыі адрозненняў паміж гэтымі сродкамі індывідуалізацыі тавараў.

У Расіі для павелічэння колькасці рэгістрацый геаграфічных указанняў створана федэральная праграма, якая закліканая падтрымаць рэгіёны ў развіцці фермерства і традыцыйных рамёстваў. У адпаведнасці з гэтай праграмай дзейнічаюць ільготныя ўмовы для суб'ектаў.

Трэба разумець, геаграфічнае ўказанне не належыць камусьці аднаму. Напрыклад, наша мінеральная вада «Мінская». Яна здабываецца ў канкрэтным рэгіёне, адрозніваецца глыбінёй залягання і ступенню мінералізацыі. А значыць, у сваім родзе ўнікальная. Вытворцу, які яе здабывае, выдаецца права карыстання найменнем месца паходжання тавару «Мінская». Само ж найменне месца паходжання тавару падлягае рэгістрацыі ў дзяржаўным рэестры і, па сутнасці, з'яўляецца нацыянальным здабыткам. Толькі той, хто атрымаў ад дзяржавы такое права карыстання, можа маркіраваць сваю прадукцыю гэтым абазначэннем, а таксама забараняць іншым вытворцам, якім такое права не нададзена, выкарыстоўваць яго.

Набліжаюцца змены

У снежні 2019 года падпісаны змены ў Закон «Аб геаграфічных указаннях». Яны ўступяць у сілу ўжо ў жніўні гэтага года. У НЦІУ распрацавалі выразны механізм працэдуры рэгістрацыі, вызначылі кампетэнтны орган, яго абавязацельствы, як заяўніку з ім супрацоўнічаць, і прапанавалі знізіць стаўкі патэнтавых пошлін за рэгістрацыю геаграфічнага ўказання, чаго чакаюць многія суб'екты гаспадарання.

- Працэдура рэгістрацыі нескладаная. Асноўная задача суб'екта гаспадарання - атрымаць заключэнне кампетэнтнага органа. Кампетэнтным органам вызначана Нацыянальная акадэмія навук і ўсе яе падведамныя арганізацыі - менавіта яны будуць выдаваць заключэнне. Заяўнік павінен заключыць дамову з гэтай арганізацыяй, а пасля таго як атрымае яе заключэнне і выплаціць пошліну, НЦІУ правядзе заключны аналіз усіх пададзеных дакументаў і ўнясе ў Дзяржаўны рэестр геаграфічных указанняў гэтае найменне. Суб'ект жа атрымае права карыстання геаграфічным указаннем на 10 гадоў і зможа працягваць яго неабмежаваную колькасць разоў, - распавядае Наталля Сінішова.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара НЦІУ Аляксея Курмана, зацікаўленасць у зменах у законе ў беларускіх прадпрыемстваў ужо ёсць.

Па-першае, некаторыя прадпрыемствы вырабляюць сапраўды ўнікальны прадукт. Для іх гэта не толькі атрыманне дадатковага прыбытку, арыгінальнасць смакавых якасцяў і тэхналогій стварэння, гэта яшчэ і рэклама мясцовасці, вёскі, горада і краіны ў цэлым, прасоўванне іміджу. Дададзім бязвізавы рэжым, удасканаленне інфраструктуры - і можна развіць турызм у рэгіёнах: экскурсіі на вытворчасці, майстар-класы, купля тавараў.

У НЦІУ адзначаюць, што для надання імпульсу працэсу рэгістрацыі геаграфічных указанняў у краіне неабходная падтрымка з боку Урада. У развіцці гэтай тэмы могуць быць зацікаўлены мясцовыя выканаўчыя ўлады, аддзелы культуры, якія глыбей ведаюць традыцыі свайго раёна, што становіцца актуальна ў сувязі з абвешчанымі 2018-2020 гадамі малой Радзімы. Безумоўна, рэгістрацыя геаграфічных указанняў будзе захоўваць, прасоўваць гісторыка-культурную і духоўную спадчыну.

Слуцкія паясы вядомыя за мяжой, турысты купляюць іх і тым самым славяць Беларусь. Аднак каб стымуляваць адраджэнне слуцкіх паясоў, была створана асобная дзяржаўная праграма. Рухаўскія дываны, дрыбінскія валёнкі, няглюбскія ручнікі, аршанскі лён, рагачоўская згушчонка, жораўскі хлеб, сапрапелевыя гразі возера Судобль - вось толькі малая частка патэнцыйных аб'ектаў для рэгістрацыі ў якасці геаграфічных указанняў.

Будзем абараняцца

Прадукцыя буйных беларускіх прадпрыемстваў вельмі запатрабавана на іншых рынках. Тыя, хто зарэгістраваў геаграфічныя ўказанні, паклапаціўся пра іх абаронау, цяпер маюць магчымасць атрымаць рэгістрацыю ў іншых краінах, куды экспартуюць сваю прадукцыю.


Крыніца: газета "Рэспубліка"