наверх

Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый рэалізуе інавацыйны праект

Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый рэалізуе інавацыйны праект

Артыкулы         Праглядаў: 256 Вярнуцца

Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый рэалізуе інавацыйны праект

У цэнтры ўвагі - праект дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця, які рэалізуецца НЗТМ.

На гэтым тыдні СТАА «Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый» (НЗТМ) наведаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін. У час сустрэчы, удзел у якой узялі намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Каладынскі і кіраўніцтва прадпрыемства, размова ішла аб рэалізацыі інавацыйнага праекта па стварэнні вытворчасці зварнога рашэцістага насцілу. Гэты праект уключаны ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады.

Генеральны дырэктар СТАА «НЗТМ» Канстанцін Першыкаў пазнаёміў прысутных з кампетэнцыямі прадпрыемства: распрацоўка чарцяжоў КМД, выраб металаканструкцый, у тым ліку маставых, асвоеных у гэтым годзе, і выраб рашэцістага насцілу, які да ўводу ва ўласную вытворчасць выпускаюць з набываемых матаў. Канстанцін Аляксеевіч сумесна з дырэктарам па сувязях з інвестарамі Ігарам Шурпаковым распавялі пра тое, якімі сертыфікатамі і пацвярджэннямі кваліфікацыі валодае СТАА «НЗТМ», пра асноўныя рэалізаваныя і бягучыя праекты 2017-2020 гг. Так, калектыў завода - удзельнік стварэння новых прамысловых вытворчасцяў і аб'ектаў газа-і нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, будаўніцтва малочна-таварнага комплексу і марскога ўчастка газаправода "Паўднёвы паток", шэрагу іншых праектаў. Геаграфія паставак шырокая і ўключае ў сябе такія гарады Расійскай Федэрацыі, як Табольск, Ліпецк, Воронеж, Омск, Масква, Анапа. Шэраг металаканструкцый для рэканструяванага Пакроўскага моста ў Полацку таксама быў выраблены спецыялістамі НЗТМ. А нядаўна прадпрыемства падпісала кантракт на пастаўку металаканструкцый для Віцебскай птушкафабрыкі.

З ходам рэалізацыі праекта па стварэнні зварнога рашэцістага насцілу Аляксандр Шумілін азнаёміўся, пабываўшы на аб'екце. У цяперашні час тут завяршаюцца работы па рэканструкцыі будынка цэха і ажыццяўляецца мантаж і пуска-наладка абсталявання, якое было закуплена раней. Пры ўкараненні тэхналогіі вытворчасці зварнога рашэцістага насцілу будзе выкарыстаны сучасны падыход да яго вырабу з ужываннем высокапрадукцыйнага тэхналагічнага абсталявання, што дазволіць арганізаваць эфектыўную вытворчасць.

У ходзе візіту на НЗТМ старшыня ДКНТ сустрэўся з працаўнікамі прадпрыемства. У размове гаворка ішла аб завяршэнні чарговай пяцігодкі ў краіне, і ў інавацыйным развіцці вынік ёсць годным. Складаючы планы на будучыню, варта зыходзіць з патрабаванняў рынку, а арыентаваны ён на інавацыйныя прадукты. Таму перспектыўны шлях у любой галіне ляжыць у сферы інавацый, менавіта яны - галоўны драйвер эканамічнага росту. «За 25 гадоў у рэспубліцы дасягнута многае. Беларусь - гэта адкрытая эканоміка, таленавітыя інжынеры, маладыя архітэктары, адны з найлепшых у свеце, унікальныя тэхналогіі і прадукты», - адзначыў Аляксандр Шумілін і прывёў канкрэтныя прыклады сусветна вядомых беларускіх распрацовак. На заканчэнне сустрэчы з завадчанамі ён адзначыў, што НЗТМ з'яўляецца сучасным, дынамічным прадпрыемствам, калектыў якога ўпэўнена рухаецца да вызначанай мэты па стварэнні і ўдасканаленні сучаснай шматпрофільнай вытворчай кампаніі, якая не мае аналагаў у рэспубліцы. «Завод, як і інавацыі, ствараюць людзі, наша моладзь, - падсумаваў Аляксандр Генадзевіч. - І важна, што яны разумеюць, куды імкнуцца ў інавацыйным развіцці. Ёсць гэты погляд за гарызонт».

Аляксандр Шумілін:

- Высокая эфектыўнасць і інавацыйнасць вытворчасці - важныя патрабаванні для ўключэння таго ці іншага праекта ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця. Праект Наваполацкага завода тэхналагічных металаканструкцый адпавядае дадзеным патрабаванням. На прадпрыемстве ёсць свае распрацоўкі прафнасцілаў, тэхналогіі зваркі, канструктарскае бюро, высокакваліфікаваныя спецыялісты і самае сучаснае абсталяванне, найлепшае з таго, што на сённяшні дзень ёсць у Еўропе. Зварны рашэцісты насціл з'яўляецца запатрабаваным і ў Беларусі, і ў Расійскай Федэрацыі.

У цэлым доля інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў у цяперашні час складае 17%. Вядома, крызіс унёс карэктывы, шэраг замежных вытворчасцяў, куды мы пастаўлялі сваю прадукцыю, спыненыя. Для Беларусі гэта сур'ёзны выклік, але мы з ім спраўляемся. І паказчыкі НЗТМ таму пацвярджэнне: нават у гэтых умовах, калі рынкі «сціскаюцца», аб'ёмы заказаў падаюць, завод на 8% дадае па аб'ёмах вытворчасці да ўзроўню мінулага года. Гэта сведчыць аб канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі, магчымасці нават у складаных умовах выйграваць у канкурэнтнай барацьбе.

Крыніца: «Полацкі веснік»