наверх

Аляксандр Шумілін: у 2020 годзе распрацавана і даведзена да стадыі практычнага прымянення больш за 1,1 тысячы новаўвядзенняў

Аляксандр Шумілін: у 2020 годзе распрацавана і даведзена да стадыі практычнага прымянення больш за 1,1 тысячы новаўвядзенняў

2021         Праглядаў: 558 Вярнуцца

Аляксандр Шумілін: у 2020 годзе распрацавана і даведзена да стадыі практычнага прымянення больш за 1,1 тысячы новаўвядзенняў

У Беларусі ў 2020 годзе распрацавана і даведзена да стадыі практычнага прымянення больш за 1,1 тысячы новаўвядзенняў, у тым ліку новыя віды машын, абсталявання, прыбораў і тэхналагічных працэсаў. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шумілін. Паводле яго слоў, у мінулым годзе па завершаных распрацоўках атрымана 30 ахоўных дакументаў на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці, пададзена 40 заявак на патэнтаванне вынаходак, заключана 2 ліцэнзійныя дамовы.

Да ліку найбольш перспектыўных распрацовак можна аднесці гарадскі нізкападлогавы аўтобус новага пакалення; камбайн збожжаўборачны самаходны з ротарнай схемай абмалоту і сепарацыі з больш магутным рухавіком і даўжынёй ротара; малагабарытны бартавы вылічальнік з магчымасцямі ўводу-вываду аналага-лічбавай і лічба-аналагавай інфармацыі для рухомых сістэм кіравання; аўтаматызаваны лазерны комплекс для тэставання паўправадніковых фотапрымальнікаў; праграмна-апаратны комплекс кантролю абароненасці інфармацыі ў валаконна-аптычных лініях сувязі «Мангуст»; праграмнае забеспячэнне інтэлектуальнага прагназавання рызык развіцця рэцыдываў касцяных саркомаў у дзяцей і дарослых; метад лячэння пацыентаў з парушэннем згушчальнасці крыві пры хірургічных аперацыях на «адкрытым сэрцы»; метад дыягностыкі раку страўніка, які павышае эфектыўнасць дыягностыкі і павялічвае долю выяўленых выпадкаў ранняга раку страўніка на 30 працэнтаў; метад лячэння пацыентаў з хранічным лімфалейкозам і інш. У цэлым кошт рэалізаванай у 2016-2020 гадах прадукцыі і паслуг дасягнуў больш за 8,7 млрд рублёў, з іх экспарт склаў 700 млн рублёў.

У рамках Дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады рэалізаваны мерапрыемствы па развіцці Нацыянальнай інавацыйнай сістэмы, інавацыйнай інфраструктуры, а таксама найважнейшыя для рэспублікі інавацыйныя праекты. Усяго выконвалася 126 праектаў, у тым ліку: вытворчасць пераральных проціпухлінных лекавых сродкаў; вытворчасць высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця на Мінскім маторным заводзе ў Стоўбцах; вытворчасць оптаэлектроннай тэхнікі на базе цеплавізійных і лазерных сістэм на «ММЗ імя Вавілава»; абсталявання для магнітна-абразіўнай апрацоўкі паверхняў на «Палімагу» (г. Мінск); аптычных кампанентаў і лазерных сістэм з дыёднай напампоўкай новага пакалення ў Інстытуце фізікі НАН Беларусі і многія іншыя. На праектную магутнасць выведзена больш за 50 вытворчасцяў: па выпуску новых відаў электратэхнічнай прадукцыі ў Гомелі ў ААТ «Ратон»; інтэлектуальнай сістэмы кіравання працэсам апырсквання сельскагаспадарчых культур на «Белама плюс» у г. Барань Аршанскага раёна; вырабы спецыяльнага прызначэння на ААТ «Агат - электрамеханічны завод»; інавацыйна-прамысловы кластар высокіх тэхналогій на «АДАНІ»; вытворчасць па зборцы легкавых аўтамабіляў на БелДжы; арганізацыя вытворчасці сартавога пракату ў Жлобіне на БМЗ.

«Наша краіна ўпэўнена рухаецца па шляху інавацыйнага развіцця, што таксама пацвярджаецца ацэнкай міжнародных экспертаў. Так, за апошнія два гады Беларусь паднялася на 22 пазіцыі ў Глабальным міжнародным індэксе інавацый і заняла 64-е месца», - падкрэсліў Аляксандр Шумілін. Ён таксама адзначыў, што прыярытэт інавацыйнага развіцця вызначаны і на новую пяцігодку. «Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы ставім вялікія мэты на пяцігодку: выйсці на ўзровень інавацыйнага развіцця краін-лідэраў Усходняй Еўропы і прыкметна прасунуцца па такіх напрамках, як інавацыйная ахова здароўя, біятэхналогіі, нацыянальны электратранспарт, разумныя гарады і іншыя. Для гэтага фармуюцца адпаведныя Дзяржаўныя навукова-тэхнічныя праграмы і Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця», - сказаў Старшыня ДКНТ. Дарэчы, толькі ў рамках ДНТП на 2021-2025 гады плануецца выканаць каля 740 заданняў, з якіх 34% заснаваныя на выніках раней выкананых заданняў ДПНІ, іншых фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Пры гэтым, мяркуецца, што колькасць новаўвядзенняў павялічыцца ўдвая ў параўнанні з мінулай пяцігодкай, у тым ліку за кошт стварэння: больш за 140 найменняў машын, абсталявання, комплексаў, прылад, прыбораў і камплектуючых вырабаў, уключаючы новыя віды камерцыйнага і грамадскага электратранспарту, сістэмы кантролю ў атамнай энергетыцы, абсталявання двайнога прызначэння; больш за 50 найменняў матэрыялаў і рэчываў, прадуктаў харчавання, кармоў, уключаючы ветэрынарныя прэпараты, сродкі абароны раслін, угнаенні; 150 тэхналагічных працэсаў, 38 інфармацыйных тэхналогій, каля 70 гатункаў раслін і 25 парод жывёл; не менш за 40 лекавых сродкаў. Па папярэдніх ацэнках, выпуск інавацыйнай прадукцыі складзе не менш чым 3,5 млрд рублёў.

Акрамя таго, у 2020 годзе ДКНТ падрыхтаваны праект ДПІР на 2021-2025 гады, які прадугледжвае рэалізацыю каля 80 інавацыйных праектаў па стварэнні ў г. Мінску і рэгіёнах высокатэхналагічных вытворчасцей. Найбольш буйнымі і цікавымі з'яўляюцца праекты, накіраваныя на развіццё новых біятэхналагічных галін у сельскай гаспадарцы, медыцыне і фармацэўтыцы (стварэнне біяфармацэўтычнай вытворчасці лекавых сродкаў на аснове рэкамбінантных тэхналогій і фракцыянавання плазмы крыві, якая адпавядае патрабаванням GMP; арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу на 2016-2032 гады; стварэнне доследна-прамысловай вытворчасці цвёрдых лекавых формаў з прымяненнем інавацыйных тэхналогій); на стварэнне айчыннага электратранспарту (асваенне вытворчасці кампанентаў электрычнай трансмісіі для гарадскога пасажырскага транспарту); на развіццё машынабудавання і машынабудаўнічых тэхналогій (стварэнне сучаснай вытворчасці кампанентаў механічных перадач для выпуску новага пакалення сельскагаспадарчай збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхнікі; засваенне вытворчасці прэсаў універсальных крывашыпных гарачаштампавальных высілкам да 25 МН з пашыранымі тэхналагічнымі магчымасцямі).